Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

Між тым Каліноўскі стаяў каля Галены і ўсё не рашаўся спытаць пра галоўнае. Гаварыў пра тое, што шукае работы, што вось надламалася кола, а на дварэ пачынае вечарэць. Галена ветліва нудзілася, нават крадком пазяхнула. І тады ён пайшоў напрамік:

— Раніцай, калі я выязджаў з Вільні, там было зімней. Зімна было, няўтульна. І ўсё ж — люблю я Вільню, сталіцу Гедыміна!

— Так, узаемна! — узрадавалася Галена. — Вы не ўяўляеце, як я перажывала, калі ў Вільні ніхто не выйшаў. Не ведала, што далей рабіць.

— Дзе ж паперы?

— Вы ведаеце, што павінны быць паперы?

— Так,

цяпер ведаю.

— У вуллі яны. Але днём не возьмеш. Занадта многа вачэй. Няхай сцямнее.

— А на словах што сказана перадаць?

— Толькі адно. Добра было б, каб нехта прадстаўнічы, з імем, прыехаў з Літвы, каб падагрэць пачуцці. Засведчыць еднасць патрыятычных сіл. Адказ прасілі перадаць ранейшым шляхам.

— То д-добра! Але як і калі я атрымаю з вашых рук пакет?

— Я думаю, што лепей будзе, калі вы ноччу возьмеце яго самі, Не забывайце, што я ўсяго толькі слабая і палахлівая жанчына. Па дарозе ў Анелін я вам пакажу, у каторым яны вуллі. Зрэшты, і тут магу сказаць: у другім ад рэчкі… А цяпер пойдземце! Ах, я павінна вас прадставіць гаспадару Анеліна. Як загадаеце вас ахарактарызаваць?

— Юрыст, які шукае работы на будаўніцтве чыгунак.

Дамініканец; тым часам канчаў казанне:

— Давайце, браты і сёстры мае, успомнім, што сказана ў пасланні апостала Паўла да рымлян. Там сказана, што цела без душы — мёртвае. Так і вера наша мёртвая без паўсядзённых міласэрных спраў! Дык будзем жа рабіць дабро бліжнім, аточым апекай нашых бедных сялян, усіх, хто патрабуе нашай цялеснай і духоўнай дапамогі. І атрымаем за гэта адкупленне грахоў нашых і светласць спрадвечную. У імя бога-бацькі, бога-сына і бога-духа святога — аман.

Перахрысціліся ўсе, апрача старой Дайнаровічыхі. Брат Антоні ўвесь час ёй здаваўся ўвасабленнем нячыстай сілы. Слязлівыя вочы старой глядзелі падазрона — нібы чакаючы, калі ж гэтая пякельная сіла выпырхне са свайго часовага прытулку… Тады будзе зразумела, што ўсе, апрача яе, паддаліся шатану.

Спакаваўшы куфэрачак, дамініканец адразу заспяшаўся да Сыракомлі — як да старога і добрага знаёмага:

— Ну як вы знайшлі маю навуку? Першы раз асмеліўся гаварыць перад шляхтай на тутэйшай, прабачце, беларусінскай гаворцы, — дамініканец нагадваў малое дзіця, якое патрабуе пахвалы.

— Шкадую, міленькі, што не ўсё казанне чуў. Прымусіў адлучыцца, э, пільны інтэрас. Канец, дзе вы гаварылі пра добрыя справы і ўвагу да сялян, выпаў вельмі памысна. Але наконт таго, што ўсё точыцца па коле; я надта і надта сумняваюся. Чалавек — так. Чалавек з нічога паўстае і ў нішто ператвараецца. Але ж застаецца чалавецтва.

— А што чалавецтва, — горача засупярэчыў дамініканец. — Дзяржавы, цэлыя народы нараджаюцца, жывуць і гінуць. Вазьміце Егіпет, вазьміце Рым ці, урэшце, нашу Рэч Паспалітую. І ў прыродзе ўсё ідзе па кругу: сяўба — жніво — сяўба, вясна — восень — вясна.

— Але ж старажытныя рымляне не ведалі п-паравоза, а мы ведаем. І Сыракомлі ў іх не было, — умяшаўся Каліноўскі, які ішоў ззаду за імі, ведучы за аброць каня, і чуў гаворку.

Сыракомля засумняваўся: прадставіць яго дамініканцу ці не, а калі прадставіць, то як. Аднак на ўсякі выпадак рашыў пачакаць, перавесці размову ў

жарт:

— Затое ў іх былі Вергілій, Гарацый і Авідзій. Дарэчы, ведаеце, панове, Авідзій адбываў ссылку на Літоўскім Палессі. Ад яго засталіся там Авід-гара і Авід-гарадок.

— Я хацеў бы сказаць, — Каліноўскі вяртаўся да старой тэмы, — што п-поступ усё ж існуе. Чалавечая думка ідзе наперад. Рымляне не ведалі пра свет усяго таго, што мы ведаем. Ды інакш і быць не можа. Інакш наша жыццё не мела б с-сэнсу.

— Дык няўжо тады ўсё ідзе па прамой лініі? — не здаваўся дамініканец. — Не можа гэтага быць!

— Хто сказаў, што па п-прамой? Гэта было б занадта добра, хоць, можа, і нецікава. Жыццё ідзе па крывой лініі. Але лінія гэтая нідзе не з-замыкаецца. Цяперашні Рым не падобны на язычаскі: у ім ёсць тварэнні Рафаэля і Міхала Анёла Буанароці.

— Пан Паляноўскі быў у Рыме? — далучылася да іх Галена. — О, то цікава. Мушу пана пазнаёміць з панам Яцакам — ён таксама нядаўна быў у Італіі, серу з Везувія нюхаў, яйкі, звараныя ў вулканічным попеле, каштаваў. Пане Яцку, проша падысці сюды на хвіліну… Гэта пан Паляноўскі, мой віленскі знаёмы. Цікава расказвае пра Рым.

Ляшчынскі глянуў на незнаёмца з насцярожанасцю: яшчэ адзін віленскі знаёмы Галены? Такі ж, як Сыракомля? Але непрыязнасці не паказаў, зычліва павітаўся.

— Не быў я ніколі ў Італіі, — запярэчыў Каліноўскі. — Хаця душою я там, з Гарыбальдзі. Мы гаварылі ўвогуле, аб законах г-гісторыі. І пра тое, што рымляне не ведалі п-паравоза.

— Паравоз — гэта найвялікшае дасягненне чалавецтва, — ахвотна пагадзіўся Ляшчынскі. — Мы жывём у век паравоза. А пан мае нейкае дачыненне да жалезнай каляі?

— Яшчэ не маю, але х-хацеў бы мець. Мне параіў звярнуцца да пана мой лепшы сябар Уладзіслаў Малахоўскі.

— Малахоўскі? О, гэта галава, разумная галава! Многа гіра яго чуў і рад быў бы пазнаёміцца з ім асабіста… Спадзяюся, што пан не адмовіць нам і застанецца ў нас па абедзе. Дакладней на вячэры, бо які ж абед, калі сонца хіліцца на захад.

— Пан Паляноўскі ласкава згадзіўся памагаць мне ў сустрэчы графа, — умяшаўся Сыракомля, — Хацеў бы я ведаць, ці паехаў Талочка, каб папярэдзіць фурмана?

— Пайшоў! Нарэшце пайшоў, — супакоіла Галена. — Не хацелася яму, абразай гонару палічыў… Будзе чакаць у карчме ў Сімы. Скажа: мосцік на Расалоўцы паламаўся, таму трэба ехаць на Руднік.

— Тады мы з панам Паляноўскім пойдзем проста да лазні! — заспяшаўся Сыракомля. — І ты… Вы з Марыськай хутчэй пераапранайцеся і прыходзьце туды. Прысмакаў болей нясіце. А мне — тую кніжку рукапісную, хачу паказаць пану Паляноўскаму.

— То ідзіце гэтай лагчынай уніз, — махнула рукой Галена. — Спусціцеся з гары — і будзе хата Касінскага. Ён папярэджаны.

— Хутчэй толькі, сэрданька, а то нам будзе сумна, — Сыракомля ўжо звыкся з думкай, што з Галенай усё скончана, і глядзеў на яе так, як глядзяць на сястру або сябра. — А можа, і дамініканца ў лазню запрасі. Няхай папацее з намі!

— Што за недарэчная думка?! — жахнулася Галена. — Гэта ж была б прафанацыя духоўнага стану. І так яго ледзь церпяць у нашай дужа прыстойнай кампаніі… Ідзіце ж! А каня Яцак хай возьме.

Поделиться с друзьями: