Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Але, — пагадзіўся Сыракомля. Цяпер яны ішлі, аддзяліўшыся ад астатніх, неглыбокай лагчынай, якая агінала дворныя пабудовы. — Мужыцкага казання яму не даруюць! А ведаеш, васпан, — Сыракомля ажывіўся, — не ідзе ў мяне з галавы гэты дамініканец. Нешта ў ім ёсць. Біблію на беларусінскую гаворку перакладае.

— Няўжо? А з выгляду такі прасцякаваты.

— Абяцаў мне пачытаць. Паглядзім, чаго ён варты.

— Дапамагчы яму трэба! Каб ён п-паверыў у сябе самога. Гэта вельмі добра, калі ў нас будзе новы свой п-пераклад! Нам трэба яго выкарыстаць. Пакуль народ верыць і не разумее іншага, мы павінны апеліраваць да яго, улічваючы рэлігійныя п-перакаванні. Літоўцы гэта сёння

могуць, а мы не можам.

— Літоўцы ці літвіны?

— Ну, жмудзіны, калі хочаце. Гэта наша бяда, што частка народа п-прыняла не этнічнае, а гістарычнае імя. Колькі непаразуменняў з-за гэтага было, ёсць і будзе яшчэ.

Сыракомля збіраўся нешта запярэчыць, але лагчына ўжо скончылася, упёрлася ў хату з тоўстых круглякоў. У некалькіх кроках за ёй цякла роўная з берагамі рэчка. Перакінутая праз яе кладка напалову хавалася ў вадзе. Панадворак быў цёмны ад глею, пакінутага нядаўняй паводкай. Крыху правей віднелася меншая будыніна, праз страху і сцены якой прабіваўся белы дымок.

— Вось і наша лазня, — паказаў Сыракомля. — Вяльможны граф будзе шакіраваны такім прыёмам. Але нічога, перажыве, міленькі. Тым прыемней потым адчуе сябе ў салоне.

Адчыніўшы дзверы, яны зайшлі ў хатку, амаль палавіну якой займала беленая вапнай печ. Адсырэлая паласа ўнізе паказвала, дакуль даходзіла ў паводку вада. На печы сядзеў, падкурчыўшы пад сябе ногі, барадаты мужчына і высокім голасам цягнуў тужлівую песню без слоў. Каля стала сядзела ахутаная хусткамі жанчына і перабірала гарох у плеценым рэшаце. Да рэшата гэтага ніяк не стасаваўся пазалочаны гадзіннік з партрэтам Касцюшкі, а таксама люстэркі і карціны, павешаныя наспех па чорных сценах.

— Пахвалёны ў хату, — прывітаўся Сыракомля, — Ты што, даражэнькі, молішся?

— Не, я спяваю, проша вашэцяў.

— У вялікім посце?

— Ну і што? Я не хрысціянін, я мусульманін. Мне не грэшна, — вузкія, ледзь прарэзаныя вочы Касінскага глядзелі гарэзліва.

— О, то добра, міленькі! Сядзі сабе на печы. А як прыедзе вялікі пан і мы пачнём яго тут трактаваць, я дам табе знак, і ты заспяваеш зноў.

— Яно можна, проша вашэцяў. Толькі голас у мяне казліны, як кажа мая старая.

Касінская лыпнула вачыма, але змаўчала. Ёй было загадана кінуць сваю звычку і не ўмешвацца ў гаворку, калі прыйдуць паны.

— А ч-чаму вы п-пабудавалі хату ў такім мокрым месцы? Можна ж было вышэй дзе.

— Не магу, проша вашэцяў. Мае прадзеды жылі калісьці над вялікай вадой, то і я не магу без вады. Рака мяне поіць і корміць. Яна мне, як свая.

— Сядайце, панове, — жанчына ручніком выцерла лаву. Касінскай, вядома, было загадана пасля прыходу паноў знікнуць, але яна марудзіла, услухоўвалася ў размову, каб потым было што расказаць у вёсцы.

Ды Сыракомля не прыняў запрашэння. Падышоў да сцяны, прыжмурыўся, каб лепей разгледзець палотны. Адно, другое, трэцяе…

— Здаецца мне, — разважаў ён услых, — што мусяць яны быць з нясвіжскай галерэі. Толькі ў якім яны жалосным стане. Фарба патрэскалася, асыпалася. І рамы ўшчэнт знішчаны… Ну, так яно і ёсць. Вось Пане Каханку, толькі яшчэ малады, — звярнуўся ён да Каліноўскага. — А вось, здаецца, яго бацька, Рыбанька. Ды помню я, помню гэтыя карціны па Нясвіжу! Бачыў я іх, як служыў у замку афіцыялістам. А можа, здаецца, што бачыў…

— І люстэркі с-старыя…

— Тутэйшага вырабу, міленькі мой! З урэцкай шкляной гуты. Лічыцца, што іх рабілі сасы [6] , але сасы толькі кіравалі. Шкло адлівалі прыгонныя мужыкі! Вось і знак урэцкі…

У сенцах бразнула клямка, пачуліся жаночыя галасы. Пахолік, расчыніўшы дзверы, прапусціў

Галену і Марысю. У руках іх былі глыбокія кашы, поўныя посуду і бутэлек. Апрануты жанчыны былі па-вясковаму: у шэрыя шарачковыя капоты і доўгія палатняныя спадніцы. Галеніна адзенне, відаць з Агаткінага пляча, было цеснавата: рухалася яна, як стрыножаная. Марыся ж, наадварот, адчувала сябе так, нібы ўсё жыццё хадзіла ў сялянскай апратцы.

6

Сасы — саксонцы (польск.)

— Што, зачакаліся нас, засумавалі? — Галена была ў добрым гуморы: усё ішло як мае быць і хутка зваліцца з плеч самы цяжкі камень. — Вось табе, Людвік, жаданая кніжка, — яна не заўважыла, што зноў гаворыць з Сыракомлем на «ты».

Галена дастала тонкі абрус галандскай работы, накінула яго на стол і пачала расстаўляць на ім талеркі. Касінская кінулася ёй на дапамогу. Але старой стрымана прыгадалі, што яе тут не павінна быць і духу. І Касінская незадаволена стала апранацца.

І тут у хату ўбег пахолік, якому Галена загадала стаяць каля кладкі і паглядаць на той бок Лошы.

— Едуць! Пан Талочка едзе!

— Маладзец! — пахваліў Сыракомля. — Галена, дай яму чаго смачнага. Ты чый будзеш? З гэтай хаты?

— Не, з вёскі, Мальдзёў я, — хлопчыку здалося недарэчным, што нехта мог падумаць, нібы ён сын Касінскага.

— Марцыпанаў хочаш? — падышла да пахоліка Марыся.

— Хачу! А што гэта такое?

— Пакаштуеш — даведаешся!

— Кабеткі, хутчэй, вазьміце хлеб-соль і на двор.

Паклаўшы на пасярэбраны паднос вялікі бохан чорнага хлеба з надрэзанай лустай, паставіўшы побач сальнічку, Галена першай падалася да дзвярэй. За ёй ішла Марыся з такім жа падносам, на якім стаяла крыштальная карафінка з гарэлкай і келіх. Хораша было дзяўчыне ў белай вышыванай кашулі, чорным гарсэціку і доўгай спадніцы, якая хавала абцасы боцікаў. Сыракомля ажно залюбаваўся яе постаццю, і Галена злавіла яго позірк.

— Пачакаем, Марыська, тут, пакуль не пад’едуць пад дзверы, — загадала яна. — А то можам прастудзіцца на ветры. Ідзіце, панове, насустрач адны. Астудзіце свой запал, — апошнюю фразу зразумеў адзін Сыракомля.

— Раз так — пайшлі, міленькі, — сказаў ён Каліноўскаму, які разглядаў кнігу. — Дамы нашы свежага паветра баяцца. Прыгажосці, маўляў, шкодзіць…

А на другім баку рэчкі між тым ішла валтузня. Наравісты конь аніяк не хацеў ісці ў ваду з высокага берага. Мусіць, хапіла з яго і першага броду. Злезшы з брычкі, Талочка біў каня па храпах. Але той яшчэ больш наравіўся, дзіка ржаў і адступаў назад, б’ючы нагамі ў брычку. Спадарожнік Талочкі, высокі хударлявы мужчына ў франтаватым адзенні, таксама саскочыў на зямлю і нерашуча паглядаў то на каня, то на рэчку, то на людзей на супрацьлеглым беразе.

— Эх, расстройваецца прадстаўленне! — шапнуў Сыракомля.

— Пачакайце, павінна ж быць выйсце, — Каліноўскі ўзіраўся ў кладку, праз якую бегла цёмная вада. З гэтага боку ссечаны камель вольхі здаваўся тоўстым, а вось які ён акажацца ля таго берага? — Я думаю, вытрымае, — сказаў ён не столькі Сыракомлі, колькі самому сабе.

— Што ты, што ты, міленькі, вада ж халодная, — спалохаўся Сыракомля, уяўляючы сябе на той кладцы.

Але Каліноўскі яго не слухаў. Скінуўшы боцікі і падцягнуўшы калашыны штаноў, ён ступіў на кладку і, трымаючыся за парэнчу, пайшоў на той бок. І чым далей ён ішоў, тым болей прагіналася кладка. Вада даходзіла ледзь не да каленяў. Але праз якую хвіліну яна пачала апускацца — да палавіны галёнак, да шчыкалатак.

Поделиться с друзьями: