Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Сёння, на жаль, яна адзіны жывы прадстаўнік гэтага калена, — дапоўніў Ляшчынскі. — Затое наступнае пакаленне тут прадстаўлена не толькі мной, але і маёй старэйшай сястрой Ядвігай Лакуціеўскай, паняй на Лошы. Павінна быць яшчэ малодшая, Янінка, але нешта позніцца.

— З Гервят сюды спорны кавалак дарогі, Яцку, — апраўдала сястру пані на Лошы. Нягледзячы на сваю празмерную паўнату яна галантна прысела, падаючы пухленькую ручку.

— Станіслаў Лакуціеўскі, — прадставіўся яе муж, сярэдняга росту шатэн з неспакойным поглядам. — Я меў шчасце бачыць шаноўнага пана паэта на друскеніцкіх водах. Калі там ставілі «Кацпара Карлінскага». Брава,

як сёння помню, білі з паўгадзіны. Тады і ксёнжкі пана купіў у мясцовай ксянгарні.

— А, то ад пана, пэўна, бярэ кніжкі лашанскі карчмар? Меў задавальненне з ім па дарозе пазнаёміцца. Рэдкі экземпляр.

— Рэдкі! — пагадзіўся Лакуціеўскі. — Сумленна гандлюе. Сумленна мне служыць. Палітыкай цікавіцца.

— Толькі не распачынайце пра палітыку. Сумна слухаць!

— А пра што ласкавая пані любіць слухаць? — стараючыся быць галантным, спытаў Сыракомля. Ён ужо зразумеў, што яго усе тут ведаюць і таму давядзецца, прынамсі тут, адмовіцца ад ролі невядомага Варакомлі.

— Пра каханне. Вернае каханне ад шлюбу і да магілы.

— Што ж мы ўсе стаім? — перабіла Галена. — Проша ўсіх сядаць! Зараз прыдумаем, чым тут падмацавацца з дарогі. Агатка! — гукнула яна на кухарку. — Вечна яна прападае! Хто там яшчэ жывы? Ага, Марыся. Марыся! — гукнула яна яшчэ раз. — Не палічы за абразу гонару — прынясі з буфета што лёгкае: пернікі, ліквор.

Пані Дайнаровічыха здзіўлена пераглянулася з паняй Лакуціеўскай: госця — а загадвае, як сапраўдная гаспадыня.

— То тады я павінен тут расказаць адну павучальную гісторыю, — Сыракомля спрабаваў працягнуць перапыненую размову. — Днямі «Кур’ер Віленьскі» паведаміў, што ў Францыі жыла адна верная пара. Калі жонка памерла, муж загадаў адрззаць палец з яе правай рукі, высушыў і насіў на шыі, ля сэрца. Як памяць пра тую, каго ён кахаў. Мужчыны заўсёды больш верныя ў каханні, чым жанчыны, — нечакана для сябе самога закончыў Сыракомля.

— Не скажыце! — дружна абурыліся прысутныя жанчыны. — Не паспее жонка памерці, як яе месца займае другая.

— Быццам бы ўдовы не робяць тое ж самае, — уступіўся за Сыракомлю Ляшчынскі. Ён узяў з рук Марысі бутлік з лікворам і асцярожна разліваў у высокія кілішкі. — Прашу звярнуць увагу, панове: радзівілаўскае шкло. З Налібокаў або з Урэчча.

Галена памкнулася спытаць пра люстэркі — адкуль яны ўзяліся і чаму стаяць, так занядбаныя, у склепе. Але падумала, што, можа, гэта таямніца, і перавяла гаворку на іншае:

— Мы тут седзімо ў глушы і не ведаем, што робіцца на божым свеце. Таму няхай пан Сыракомля болей раскажа нам, аб чым пішуць газеты.

— Аб чым жа? — Сыракомля намагаўся ўспомніць апошнія нумары «Кур’ера». — Ну, друкуюць працяг урадавага палажэння аб рэформе. Аб Кітаі пішуць. Французы там узялі многа палонных і слана з чыстага золата, якога прывязуць у Луўр… А яшчэ забілі прэзідэнта Францыі. З пісталета ў поездзе. Калі забойцу злавілі, то ў яго знайшлі рускія грошы.

— У вагоне, значыць, забілі, — абурылася Дайнаровічыха. Гаварыла яна басам, як з бочкі. — Я даўно казала, што гэтая зялезная каляя — шатанская выдумка. Не можа карэта ехаць без коней.

— Але ж пры чым тут каляя? — абурыўся за сваю любімую справу Ляшчынскі. Яго акуляры з’язджалі на нос, і ён з незадаволенай грымасай штохвілінна іх папраўляў. — Застрэліць чалавека можна і ў карэце. Да ведама панства, я прыдумаў ужо, што зрабіць на выпадак, калі ў поездзе нападуць разбойнікі. Няхай у кожным вагоне будзе шнюрок да машыніста або да кандуктара. Пацягнуў за шнюрок — і

поезд стане.

— І разбойнік уцячэ ў лес! — іранізаваў Дайнаровіч.

— Тады можна іншы спосаб, — не здаваўся гаспадар. — Няхай знадворку ўздоўж вагонаў будуць дошкі, а па гэтых дошках ходзіць кандуктар і глядзіць праз вокны, што дзеецца ўсярэдзіне.

— Ні за якія скарбы не сяду ў гэну гаргару! Яшчэ ўзарвецца! — гнула сваё старая Дайнаровічыха.

— Ніхто цёцю не прымушае. Можаце ездзіць сваёй скрыпучай ландарай або і пехатой хадзіць. А мы будзем вандраваць каляёй. У Пецярбург, у Варшаву. А там і праз Анелін каляю праложым. І праз Дравянікі!

— Ратуй, найсвентшая панна! — успляснула рукамі Дайнаровічыха.

— Але ж Яцак жартуе, — супакойваў яе муж. — Зялеза не хопіць, каб усюды пракласці каляю. І я не пазволю ім паганіць мае Дравянікі, — вусы старога натапырыліся. — З думкай родавай шляхты павінны лічыцца!

— Пан Талочка вяртаецца! А з ім ксёндз, — уварвалася ў пакой Марыся. Ёй так хацелася быць у цэнтры ўвагі, але ніхто з гасцей у гаворку з ёй не кідаўся. Толькі ўсе цікаўна аглядалі — з галавы да пят.

— Нарэшце! — з палёгкай усклікнуў Ляшчынскі. — Пані Галена мне расказала пра вашы намеры, — цішэй звярнуўся ён да Сыракомлі. — Як чалавек цвярозага розуму не ўхваляю. Але і не асуджаю. Рабіце што хочаце. Я ўжо даў распараджэнне, каб рэчы са свірна перанеслі ў хату Касінскага. Цяпер толькі застаецца сказаць Талочку, каб ён выехаў насустрач майму госцю і завярнуў коней на Руднік і на брады… Але паколькі пан Пшацескі можа вось-вось з’явіцца, то і мы павінны паспяшацца, каб раней асвенціць крыж.

— Ласкавы пан толькі што рачыў прызнацца, — Сыракомлі захацелася ўпікнуць гаспадара, — што ён матэрыяліст. Дык як жа стасуецца пасвянчэнне крыжа з панскімі перакананнямі?

— От, — махнуў рукою Ляшчынскі, — даніна традыцыі. І ўступка радні, якая воўкам глядзіць на мяне і мае на гэта падставы. Бо Анеліна, — Ляшчынскі перайшоў на шэпт, — ім не бачыць як уласных вушэй!

— Давайце збірацца! Часу ў нас сапраўды мала, — падтрымаў гаспадара Сыракомля. Яму нясцерпна хацелася пачытаць старую кнігу. Але гадзіннік з Касцюшкам на цыферблаце ўжо адзваніў трэцюю гадзіну. А калі свецкі леў з’явіцца раней, чым усё давядуць да ладу, то тады не будзе ніякага эфекту.

— Па конях! Па конях! — далучыўся Лакуціеўскі. Яго нездарма лічылі купаным у кіпетні.

— Па якіх, швагер, конях? — разважыў гаспадар. — Да крыжа не будзе і пяці мінут хадзьбы. Прапаную шпацыр.

— Глядзіце, панове, які рамантычны відок! — перабіла ўсіх Галена. Адхінуўшы фіранку, яна паказвала рукой на двор. Усе стоўпіліся каля акна. Малюнак сапраўды быў каларытны. На чорнай кабыле ехаў праз панадворак апрануты ў жоўтую капоту пан Талочка. А за ім, седзячы бокам на белым жарабцы, нязграбна тузаў лейцамі дамініканец у чорнай капе і чорным каптуры. Доўгая белая сутана не дазваляла яму нармальна ўсесціся ў сядло. І здавалася, яго поўнае цела вось-вось згубіць раўнавагу.

— Каго ён прывёз! — залямантавала раптам Дайнаровічыха. — Гэта ж франк-масон, якабінец! Ён па-мужыцкаму пацеры гавора. Адаслаць яго назад, каб гонару нам не псаваў!

— Па-мужыцкаму? — перапытаў Сыракомля.

— Ну так. З абразаю пана бога.

— Але ж, даражэнькая пані, польская мова таксама не толькі панская, але і мужыцкая. То што, забаронім на ёй мужыкам у касцёлах маліцца? — Сыракомля адчуваў, што яго аргумент не самы пераканаўчы, але нічога лепшага не прыходзіла ў галаву.

Поделиться с друзьями: