Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Няхай вяльможны пан сядае мне на п-плечы. Я п-перанясу на той бок, — Каліноўскі паўстаў перад здзіўленым франтам і, павярнуўшыся да яго спіной, прысеў, каб лягчэй было ўчапіцца.
Франт недаверліва глянуў на невысокую постаць паслужлівага мужчыны, на свае цыбатыя ногі, на хісткую кладку.
— Няхай вяльможны пан не сумняваецца. Я моцны.
Франт нарэшце даверыўся, узграмаздзіўся Каліноўскаму на плечы. Той ухапіў яго ногі рукамі. Устаючы, пахіснуўся, але неяк утрымаў раўнавагу і, цяжка ступаючы, пайшоў да кладкі. Цяпер яна прагіналася куды глыбей. Вада даходзіла Каліноўскаму ледзь
— Брава, брава! — усклікнула Галена, якая назірала, выйшаўшы з хаты, за ўсімі перыпетыямі. — Так робяць сапраўдныя мужчыны. Сапраўдныя літоўскія мужчыны!
— А мае жэчы! — занепакоіўся госць, ступіўшы на зямлю. — У брычцы ж зосталы вшыстке мое жэчы, мое падарункі.
— Дзень добры вяльможнаму пану, — нізка пакланіўшыся, падышоў да франта Сыракомля. — Прашу дазволу адрэкамендавацца: тутэйшы шляхціц Усяслаў Варакомля. Мы, бедныя шляхеткі, па-польску не вучаныя і, што сказаў вяльможны пан, не зусім зразумелі. Але калі пан турбуецца пра свае рэчы, то іх прывязуць кружным шляхам, праз іншы брод.
— Грабя Цазары Пшацескі! — нарэшце падаў руку франт. — Я ваш ензык не бардзо розумем. У нас рэдка хто так муві.
— Нічога, шаноўны пане, гэта блізкая славянская мова, такая ж боская, як і кожная іншая. І, чуйна прыслухаўшыся, пан усё зразумее.
— Чы абы мова? — усумніўся граф.
— Мова, мова! — пацвердзіў Каліноўскі. Абсунуўшы калашыны, ён паспеў ужо абуцца. — Калісьці нават к-кароль Ягела любіў на ёй гаварыць, канцлер Сапега, — падышоўшы бліжэй, ён прадставіўся: — Шляхціц Паляноўскі! З той ашмянскай шляхты, у якой адна нага ў боце, а другая ў лапці. А як сабака сядзе ў нас на з-загоне, то хвост абавязкова ляжа на мяжу.
— І тым не меней, міленькія, усе мы шляхта, усе мы роўныя! Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе, — падкалоў Сыракомля. — Тым часам звяртаю ўвагу яснавяльможнага графа на нашых пекных дам, гэта значыць нашых сялянак. Яны таксама жадаюць нешта сказаць.
Галена першай падышла да графа. За ёй пасунулася Марыся.
— Па даўняму літоўскаму звычаю вітаем яснага госця хлебам і соллю! Няхай вяльможнаму пану добра ў нас паводзіцца, прыемна спажываецца ўсё, што нарадзіла зямля, — Галена зноў адчула сябе артысткай.
— Як кажуць у нашым народзе: госць у дом — бог у дом! — дадала Марыся. І запаланела.
Пшацескі павагаўся, але ўсё ж узяў лусту хлеба, торкнуў яе ў сальнічку, адкусіў крышку, запіў келіхам гарэлкі.
— А гдзе ест муй крэвняк Яцэк? Не відзэн его, — спытаў, абціраючы чорныя вусікі белай батыставай хустачкай.
— О, пан Яцак захварэў, — выкручвалася, як магла, Галена, — Потым мы пойдзем адведваць яго. Але пакуль што падмацуемся з дарогі ў гэтай хатцы.
— То паньство жыён в такей халупе? — здзівіўся граф.
— Так, паночку, — пацвердзіў Сыракомля. — У нашай Літве няма вялікай розніцы паміж палацам і сялянскай хацінай. Вядома: дзікі край!
Але Галена, адчуўшы, што яе партнёр па гульні пачаў сумнявацца, на хаду стала прыдумваць больш рэальнае апраўданне:
— Нас, паночку, няшчасце спаткала. Згарэў ад іскры…
— Божы знак, вядома, — падтрымаў
яе Сыракомля, — толькі палец усявышняга ў гэтым я бачу, — уздыхнуў.— Згарэў ад іскры наш палацык. Ад таго, між іншым, і пан Яцак расхварэўся. Падарваўся, носячы вёдры з вадой, — Галена на імгненне ўявіла сабе Яцака з вадой і недарэчы ўсміхнулася. — А пасля нас прытулілі сяляне, нашы цнатлівыя сяляне.
Граф недаверліва глянуў на ўрослую ў зямлю хаціну, спыніўся, нібы нешта прыпамінаючы, поглядам на Галене, але ўрэшце, здаецца, паверыў.
— То проша ў хату! Перакуска чакае.
Як гаспадыня, Галена першай увайшла ў сенцы. За ёй, прыгнуўшыся, каб не стукнуцца ў вушак, перажэргаў парог Пшацескі.
У хаце было ўжо цемнавата. Госць разгубіўся. Галена кінулася да свечак, паўтыканых у настольны падсвечнік.
— Зараз, зараз, — супакойвала яна, чыркаючы сярнічкай, — зараз будзе святлей.
Полымя свечак памножылася, адбіўшыся ад насценных люстэрак.
— Вось бачыце, паночку, усё, што ўдалося выратаваць з агню, давялося сюды перанесці. То проша за стол! Чым хата багата, тым рада. Не асудзіце нас, ясны пане, за беднасць.
Як і належала сялянкам, Галена і Марыся засталіся прыслугоўваць. За стол селі толькі мужчыны.
— Пакуль посуд яшчэ пусты, раю вяльможнаму пану звярнуць увагу на гэту манаграму, — Сыракомля ўзняў сваю талерачку і паказаў госцю. — Вензель з трох лацінскіх літар: эс, а і эр. Што яны шаноўнаму пану гавораць?
— Не вем…
— Станіслаў Аўгуст рэкс!
— Няўжо посуд апошняга п-польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага? — здзівіўся Каліноўскі.
— Не яго, але зроблены для яго. На Свержанскай фарфурні. Не паспелі, відаць, адвезці… Станіслаў Аўгуст увогуле любіў літоўскі посуд — з Урэчча, Налібокаў, Свержаня. Казаў, каб яму не на іншым есці давалі, а толькі на гэтым.
— Сконд то пан усё зна? — польскія словы ў графа ўсё больш і больш блыталіся з беларускімі. Аказваецца, ведае іх! Ну вядома: Лапы ж, здаецца, Гродзенскай губерні. Ці каля гэтага.
Сыракомля ўзяўся за бутлік з настойкай.
— Спачатку дазвольце вяльможнаму пану наліць гэтай хатняй гарэлачкі. Настоена на сушаных баравічкох. Горача рэкамендую: стому збівае, моцы дадае! Будзе вяльможны пан, як баравічок у лесе. А закусіць прапаную таксама грыбочкам — солененькім рыжыкам. Ось гэты — самы смачны, так і просіцца на панскі язычок… Пан зрабіў ласку спытаць, адкуль я ўсё гэта ведаю. Вучыўся, вучыўся ў маладыя гады ў радзівілаўскім Нясвіжы, потым працаваў там у замку. А свержанская і іншыя мануфактуры, да ведама пана, Радзівілам належалі.
— Гм, — задумаўся граф. — То, мяркуёнц па ўзросту, у тыя гады мусял пан там познаць літэвскего словіка Владыслава Сыракомлю. Он таксама в Несвіжу учыл сен, Несвіж апісуе.
— Адзін раз відзеў: бегаў па Нясвіжы ў шарачковых портках. Потым пазнаёміліся ў Вільні. Пасмяяліся: ён узяў свой псеўданім ад сырога камля, а я — ад варанага.
— О, то пан таксама пісуе вершэ?
— Хто ж у Літве імі не грашыць? — Сыракомлі ўжо стала крыху сорамна, што яны так нахабна ашукваюць графа. У рэшце рэшт, ён, здаецца, не такі ўжо і несімпатычны чалавек. Занадта пыхлівы і самаўпэўнены, праўда. Але погляд адкрыты, цікаўны.