Восень пасярод вясны
Шрифт:
— То, можа, пан цось пшэчыта?
— Чаму ж, — Сыракомля ўспомніў адну са сваіх ранніх макаранічных дрындулек. — Калі ясны пан сабе зычыць, то можна:
Там каля Парыжа, там каля Нясвіжа Дзеўчына ляжала, А над той дзяўчынай, а над тон ядынай Стыў кубельчык сала.— Фэ, Людвік, Марыська слухае, — забыўшы пра ўсё, умяшалася Галена.
Але да графа, здаецца, не дайшло. Прыжмурыўшы вочы, вяшчаў:
— Не Сыракомля то, не Сыракомля. Мушу адкрыце сказаць: пану далёка да Сыракомлі.
— Далёка, — весела
— А як шаноўнаму пану даехалася? — умяшаўся ў гаворку Каліноўскі. — Дарогі ў нас у Літве д-дрэнныя!
— Цо дрэнныя, то дрэнныя! Жэбы да панскага маёнтку не было ніякага пад’езду. Жэбы мосты былі паламаныя. Я сваіх хлопув пшымусіл бы адрамантаваць.
— Прымусіш іх, — Сыракомля кіўнуў галавой на печ. Граф толькі цяпер прыкмеціў у паўзмроку нерухомага мужыка. — Разгультаіліся, атрымаўшы волю. Цэлымі днямі, падкурчыўшы ногі, сядзяць. Ды ты, міленькі, не крыўдуй, праўдачку кажу. Можа, табе за гасціннасць кілішак маслячу [7] наліць? Віна такога.
— Віна не п’ю. У каране, проша васпанаў, забаронена.
— Ну, тады гарэлачкі.
— Гарэлкі можна. Пра гарэлку ў каране нічога не сказана.
— То вазьмі, міленькі, — Сыракомля падаў спорны келіх на печ. — І заспявай нам сваю песню. Паціху толькі.
7
Масляч — густое віно з прывялага вінаграду.
— Музулманін? — спытаў граф.
— Мусульманін, — пацвердзіў Сыракомля. — З часоў Вітаўта іх тут многа, палонных, асела.
— І добжэ працуён?
— Калі не аблянівяцца, то добра. Агароды разводзяць, вупраж шыюць, рыбу ловяць. А паляўнічыя якія! Цвічацца яны ў стральбе ў летні поўдзень, цаляюць у сонца, не мружачы вока. Затое потым на любога звера ідуць, на мядзведзя. Мядзведзі ў нас адмысловыя: дзяцей лапай гладзяць, чапаюць толькі бабаў. І яшчэ дубальтоўкі ламаюць… Ах, як шкада, што цяпер вялікі пост і нельга паспрабаваць вэнджанай мядзведзіны! Але ясны пан яшчэ прыедзе сюды, праўда? За наступны прыезд!
— Можа, хопіць ужо… пане Варакомля! — Галена баялася, што, спойваючы графа, Людвік нап’ецца сам.
— О, бачыце, ясны пане, якія ў нас мужычкі? Панамі нахабна кіруюць, мужчынамі… Хіба гэта сёння ў нас п’янка? Вось у Міры некалі — дык была п’янка! Селі назад ехаць, адзін шляхціц спусціў галаву, разбіў аб кола… Прыязджаюць дахаты — а чэрап у таго пусты.
— П’яному трэба быць асцярожным, — у тон Сыракомлі пацаляў Каліноўскі. — Я як п-прыходжу пад хмелем дадому, то кладу на ложак толькі шапку, а сам лезу пад ложак. А то жонка, не дай бог, яшчэ адсячэ г-галаву.
— Божэ! — усхліпнуў граф. — Якія дзікія людзі, які недарэчны край!
— Так, ясны паночку, сапраўды дзікія. Асабліва паны. Паслухайце толькі, што яны ў нас вытвараюць. Неяк альгінянская дзеўка пакаштавала панскага мёду. Дык пан Будзька загадаў яе раздзець дагала, вымазаць усю мёдам і прывязаць на сонцы ля вулляў. Прыбег яе хлопец з вёскі, вар’яцець пачаў, з калом кідаўся. А пан яму кажа: выліжаш яе ад галавы да пятаў — загадаю адвязаць. І мусіў вылізаць… Хіба ў цывілізаваным паспольстве такое. Дзікунства магчыма?
— Гэта што, — дадаў Каліноўскі. — У Мінскай губерні пані Соцкая сваю дзеўку-суперніцу загадала засячы да смерці…
— Перш чым біць, — перапыніў Сыракомля, — яшчэ змочаць азадак салёнай вадой!
— …А затым загадала зварыць
у катле і раздаць сабакам.— Панове, панове, — зноў папярэдзіла Галена. Разам з Марысяй яна складала парожыі посуд у кошыкі. — Не забывайце, што маладыя вушы слухаюць. Потым ноччу страшныя сны прысняцца.
— Не будзем, каханне маё, не будзем, — Сыракомля выразна захмялеў. — Вось толькі па апошнім кілішку з гэтай запаветнай бутэлечкі… Не, гэту бутэлечку з якабінскім духам мы возьмем у лазню. Лепш закончым бутлік.
— З якога гэта часу прыстойныя людзі п’юць у лазні, — абурылася Галена.
— А з якога гэта часу сялянкі вучаць, што панам выпадае рабіць! — адбіваўся Сыракомля. — Не хвалюйцеся, міленькія, усё будзе ў парадку.
— Дзікунства ў нашым краі с-сапраўды многа, — Каліноўскаму не хацелася, каб узнікла сварка, і таму вярнуўся да перапыненай гаворкі. — У вас, на Падляшшы, такое, мусіць, не бывае?
— Ясны пан і не дапусціць да такога, — Сыракомля пранікаўся ўсё большай сімпатыяй да графа. — Я чуў, што панскі маёнтак у Лапах — лепшы ў імперыі, а можа, і ў Еўропе. А хутка, калі там выбудуюць вялікую чыгуначную станцыю, будзе яшчэ лепшы. Лапы ператворацца ў вялікі горад, у параўнанні з якім наша Вільня будзе здавацца проста вёскай.
— Няўжо? — граф канчаткова заблытаўся ў сваіх уражаннях. Усё, што тут гаварылася, часам здавалася яму праўдай, часам — незразумелым трызненнем.
Нарэшце Касінскі, седзячы на печы, зацягнуў сваю сумную песню без слоў. Мелодыя была яўна не славянская. І чулася ў ёй нешта старое і далёкае.
— Во, і ён захмялеў, — ухваліў Сыракомля. — Песня сапраўды панурая, як і гэты край. Але затое якія залатыя людзі тут! Якія вёскі! Назвы гучаць, як сапраўдная паэзія: Цёмная Вада, Будзівалы, Грэбалы, Вавулічы… І нават Гарывада.
— А п-прозвішчы. Адно прозвішча Сцябуля чаго варта!
— І ўсё ж, міленькія вы мае, дзікуны насяляюць тутэйшыя ройсты. Нага за нагу вянчаюцца, на дзяжу перад шлюбам садзяць. У выпадку чаго дзяжа сама па хаце ідзе.
— Досыць вам, бессаромнікі! — злавала Галена. Яна ўяўляла, як іх чакаюць наверсе. — З лазні ўвесь дух выветрыцца.
— Ідзём! Ужо ідзём. Толькі яшчэ па каханай, яшчэ па ядынай, яшчэ па аглаблёвай! І няхай ясны пан гэтага пірага з рэдзькай пакаштуе. На Падляшшы такіх не пякуць! Ужо ідзём, каханне маё. Толькі не забудзь кнігу з сабой узяць. Ото будзе радасць Кіркору, калі яму прывязу. Усе грахі мае адпусціць. І порткі, скажы, каб сухія порткі для пана Ка… э, Маліноўскага прыслалі. Пана Талочкі якраз падыдуць… Пойдзем ужо. Толькі дзе гэта мая верная капота? Ага, вось яна, сардэчная. Куды больш верная мне, чым іншыя жанчыны. А ты, сэрданька, злезь нарэшце са сваёй печы, пакажыся людзям, а потым пасвеціш нам у лазні. Трохі свечак вазьмі. Гэтыя пані на нас у крыўдзе не будуць. Вочы ў іх светлыя, не тое, што нашы, старыя. Не на вяселле мы ўжо едзем, а з вяселля. І самае прыемнае на гэтай зваротнай дарозе — карчма, мае міленькія. Ну, можа, яшчэ лазня, — ад такой доўгай тырады Сыракомля закашляўся.
— Толькі ж цёпла хутайцеся, калі будзеце ісці назад, — папрасіла наўздагон Галена.
На дварэ сапраўды пасвяжэла. Ноччу меўся брацца мароз. Апошнія промні сонца асвятлялі толькі вяршаліны соснаў на супрацьлеглым беразе Лошы. Тут жа, за гарой, рабілася шэравата. Сыракомлі ўжо адхацелася ісці ў лазню і ўвогуле працягваць містыфікацыю. От, прызнаўся б ва ўсім, папрасіў бы прабачэння — і пайшлі б яны, як добрыя сябры, наверх, да ўсёй кампаніі, паслухалі б, як брат Антоні пераклаў там пісанне. Але Касінскі ўжо адчыняў скрыпучыя дзверы. З-за іх бухнуў шызы дым, які лез У вочы, еў іх поедам. Нават у прадлазніку трэба было згінацца ледзь не да самай падлогі, насланай з аполкаў.