Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Адзенне, проша вашэцяў, сюды кладзіце, — паказаў Касінскі, рассцілаючы ўздоўж сцяны кавалак суравога палатна. — Каб не запэцкалася ад куродыму.
Граф грэбліва паглядзеў на чорныя, як вугаль, сцены, але калі пачалі раздзявацца ўсе, пачаў і ён.
— То, можа, панству і духу паддаць? — спытаў Касінскі.
— Не трэба, міленькі, не трэба, мы самі ўправімся. Ідзі! Ідзі сабе, мы адны параскашуемся ў лазні. Што ў нас агульнага са старажытнымі рымлянамі, дык гэта культ лазні. Відаць, Палямон завёз да нас яго, калі прыплыў да берагоў Літвы са старажытнага Рыма. Бо ліцвіны, да ведама яснага пана, ад саміх рымлян паходзяць, ад Палямона. Не тое, што іншыя народы.
Сыракомля
— Не хцэм венцэй! — заўпарціўся граф. Хударлявы яго твар сапраўды пабляднеў. У такой колькасці ён ніколі не піў.
— Але ж няхай ясны пан зверне ласкава ўвагу, якое віно! Калі яно мацавалася!
— Тысяча седэмсэт восемдзесят дзевёнты год! — граф быў уражаны: нават у яго падвалах не было такога старога віна.
— Амаль аднагодак з «Марсельезай», — пацвердзіў Сыракомля, адкаркоўваючы бутэльку. — Налятайце, панове, квапцеся!
Але віно аказалася перастаялае, кіслае. Таму, адпіўшы па глытку, яны пакінулі бургун у спакоі, пачалі скідваць сподняе.
— Ясны пан-то напэўна сваю бялізну ў Парыж мыць пасылае, — Сыракомля не то жартаваў, не то гаварыў сур’ёзна. — А я свае гаці вось бурачкамі пафарбаваў, каб не так брудзіліся. Чым не кармазынавы, не магнацкі колер!
— Як віджу, з пана філёзоф, — даў здачы граф. — Што ні слова — то пэрл. І до якей філёзофскей школы пан належы?
— Толькі не да рэалістычнай. Рэалісты даказваюць, што ёсць дзве бясконцасці — прасторы і часу. Я ж сцвярджаю, што ёсць яшчэ трэцяя бясконцасць — бясконцасць чалавечай думкі, паэтычнага генію. Такога, як у Сыракомлі, не тут будзь сказана.
Каліноўскі пырснуў смехам. Але граф паглядзеў на яго няўхвільна:
— Што ж тут смешнага? По смерці Міцкевіча Сыракомля жэчывісьце ест едыным жыёнцым вешчэм.
— Не, я нічога, я з панам не спрачаюся. Ён сапраўды в-вяшчун, — пагадзіўся Каліноўскі. З-пад лаўкі ён выцягнуў некалькі бярозавых венікаў і выбіраў самы густы. — Ну, п-пайшлі. Паспрабуем літоўскага духу.
— І якабінскага дабавім! — Сыракомля ўзяў адстаўленую бутэльку.
У самой лазні было яшчэ душней. Каменні ў печцы свяціліся, напаленыя ледзь не да чырвонага колеру. З неперагарэлых вуголляў узнімаўся сіні дымок. Каліноўскі з веданнем справы прысыпаў іх пяском. Потым набраў з бочкі вады, нагрэтай распаленымі каменнямі, і чыста змыў палок.
— Лезьце, шаноўны пан! Вам як госцю п-першаму належыць. Толькі вазьміце на галаву лямцавы к-капялюх, — Каліноўскі апусціў нешта цёмнае ў цабэрак з халоднай вадой. — Не так у галаву будзе біць. Ляжыце спакойна, расслабце ўсё цела. Я ж тым часам духу паддам. Спірытус [8] , выйдзі з печы!
Зачэрпнуўшы вялікую конаўку гарачай вады, Каліноўскі плюхнуў на чырвонае каменне. Кожная кропелька выбухнула воблачкам пары. У лазні стала нясцерпна горача.
— Ото ж то, ото ж то! — прыгаворваў Каліноўскі. Памахаўшы венікам у паветры, ён пачаў злёгку хвастаць распасцёртага графа. Пачынаў ад пятак, ад сцёгнаў і, нібы прытанцоўваючы, ішоў далей і далей. Граф захлынаўся ад удушлівага паветра. Але трываў — не хацеў паказаць сябе слабаком.
8
Спірытус — дух (лац.)
— Пара касцей не ломіць, — супакойваў Каліноўскі. — Ад яе чалавек толькі здаравейшы становіцца. Пане Варакомля, паддайце яшчэ каліва. Няхай дух да нутра дойдзе.
— Няхай дойдзе! — Сыракомля бырзнуў з бутэлькі на гарачае каменне. Потым яшчэ
і яшчэ. — Няхай дойдзе якабінскі дух. Гарэлачка знутры потам лезе, а тут ёй — для супрацьвагі вінца. А то яшчэ, кажуць, добра хлебным квасам паддаць. Ці сівухай. Не, сівуху лепш — усярэдзіну!Густая хмельная пара зусім перахапіла дыханне, граф сарваўся з палка, паслізнуўся на мокрай падлозе, ледзь не грымыуўся.
— До яснэй холеры! Гдзе ту вода зімнейша бэндзе?
— Мы, вяльможны пане, тутэйшыя ліцвіны, па-польску разумеем слаба, — спрабаваў далей жартаваць Сыракомля. Але, пабачыўшы, што граф сапраўды задыхаецца, паспешліва дадаў: — Калі ж пан пра халодную ваду пытаецца, то вунь яна, у цабэрку.
Гумар у графа быў ушчэнт сапсаваны. Наліўшы ў місу чыстай вады, ён маўкліва абмыў прыліплыя да цела бярозавыя лісты і скіраваўся да дзвярэй. Сыракомля таксама ўзняўся: усё выйшла не так, як яму ўяўлялася, а з віном атрымалася і зусім недарэчна.
— Я з вамі, пане. Выбачце мне, дурному шляхетцы. Не ведаў я, што якабінскі дух такі моцны.
— Пачакайце мяне, — падаў з палка голас Каліноўскі. — Я ўсё ж трохі п-пасцябаюся. За аднаго бітага дзесяць нябітых даюць — і то не бяруць.
У сенцах іх ужо чакалі доўгія вышываныя ручнікі, кубкі з хатнім півам. Побач ляжалі акуратна складзеныя штаны. Выцершыся і апрануўшы свой чорны касцюм, граф зноў адчуў сябе ранейшай важнай персонай. Вядома, яму было крыху сорамна, што вось малады мужчына, які яго пераносіў, вытрымаў дух, а ён не вытрымаў, здаўся.
— Першы раз мылэм сен в такей курнэй лазні, — сказаў ён у сваё апраўданне.
— Нічога, нічога, міленькі, — суцяшаў Сыракомля. — Затое будзе што ўспомніць! Зараз пойдзем, наведаем хворага Яцака, вып’ем чаго гарачага, — Сыракомлю пачынала трэсці ліхаманка.
Калі яны выйшлі на двор, на небе загарэлася першая зорка.
3. І быў вечар
Па дадзенаму пахолікам знаку ў салоне ўсе сцішыліся, замоўклі. Праз шчыльна завешанае чорным сукном акно не прабіваўся ніводзін прамень святла. І калі Сыракомля разам з Каліноўскім і Пшапескім узнімаліся па сходах на веранду, увесь анелінскі палацык здаваўся змрочным прывідам.
— Напэўна, ужо спяць! Пан Яцак так дрэнна сябе адчувае.
— Але ж дом мусял спаліць сен. А он стоі…
— Гэта, сэрданька маё, не той дом. Той дом быў ото пекны палац, — па целе Сыракомлі прабягалі дрыжыкі. Ён увогуле не ведаў, што далей гаварыць, што рабіць. Уся гісторыя здавалася прэснай і банальнай. Не так ён сабе ўсё ўяўляў, не так.
У доўгіх сенях цьмяна гарэў каганец. Каля выкладзенай зялёнай кафляй грубы стаяў на каленях мужык і дзьмухаў, каб хутчэй разгарэліся падпаленыя дровы. Пачуўшы ззаду крокі, ён аглянуўся і змераў доўгім поглядам усіх мужчын, асабліва Пшацескага, чыё чорнае адзенне адрознівалася ад адзення мясцовай шляхты.
«Галоўны наўмыснік!» — мільганула ў яго думка.
— Памажы, міленькі, пану раздзецца, — Сыракомля ўсё яшчэ заставаўся ашмянскім шляхеткай. — Павешай яго палітон у якую шафу ці хаця б на кручок… Вось і добра. Дзякуй табе, пачцівы хлопе. Цяпер-то ўжо можна і ў салон ісці. Проша ў гэтыя дзверы. Пан, як далёкі госць, няхай першы пераступіць парог!
Адчыніўшы дзверы, Пшацескі разгублена адступіў назад: у салоне ярка гарэла святло. Полымя ад добрых двух дзесяткаў пальмавых свечак, уторкнутых у высокія кандэлябры, адбівалася і памнажалася ў люстэрках, павешаных адно насупраць другога. За сталом, застаўленым рознымі карафінкамі, бутлікамі і пляшамі, маўкліва сядзела незнаёмая Пшацескаму кампанія.