Восень пасярод вясны
Шрифт:
— З лёгкай парай, панове, — з-за стала ўзняўся мужчына ў табачковым фраку і акулярах. — Мы тут зачакаліся вас. Ужо ўсе пацеры адправілі. І халаднік з’елі.
— Яцку, до яснэй холеры! — усклікнуў граф. — Не познаць цябе в тых акулярах. Пшэцеж мялэсь быць хоры!
— Ужо выздаравеў, як відзіш. Дзеля твайго, Цазары, прыбыцця цалкам выздаравеў! — Ляшчынскі кінуўся Пшацескаму ў абдымкі. — Знаёмцеся, панове, гэта мой кузын [9] грабя Цазары Пшацескі з Лап. Стары кавалер.
9
Кузын —
— Спадзяёмся, аднак, што не безнадзейны, — узнялася і Галена. Яна пераапранулася ў цёмна-сінюю крыналіну, а на шыю, ніжэй чорнага жалобнага каўнерыка, павесіла белыя каралі з перлаў. — Таму і пасадзім шаноўнага графа побач з самай маладой у гэтай кампаніі і пекнай жанчынай. Пардон, яшчэ дзяўчынай.
— Пазнаю ўрочую пейзанку [10] , якая трактавала мне хлебам і соляй, — Пшацескі галантна пацалаваў ручку Галене.
— Толькі пейзанку? — усміхнулася Галена. — А акторку, якой вы з панам Яцакам прыносілі за кулісы кветкі?
10
Урочая пейзанка — прыгожая сялянка.
— До яснэй холеры — пшэпрашам. Тваж пані адаўся мне знаёмы ешчэ на берагу рэчкі. Але я не помыслялэм навэт, жэ пані можэ быць у такім глухім мейсцу.
— А гэта мая радня! — Ляшчынскі працягваў выконваць абавязкі гаспадара. — Цёця і дзядзя Дайнаровічы з Дравянік. Старэйшая сястра Ядвіга з мужам. Малодшая сястра Янінка з мужам. Брацішак Антоні, дамініканец з Астраўца. Пасвенціў сягоння крыж па нябожчыцы матцы. Ну, а гэтых паноў, — Ляшчынскі махнуў рукой у бок Сыракомлі і Каліноўскага, — усе ўжо ведаеце. Пан Варакомля і пан Паляноўскі.
— Як Варакомля! — падскочыла з крэсла Янінка. — Мне ж абяцалі, што будзе сам Сыракомля!
Тут усе зашыкалі на маладую жанчыну, апранутую, у адрозненне ад іншых, не ў цёмнае, а ў сукенку з зялёным турпюрам — нібы яе не абавязвала жалоба. Але было позна. Граф зразумеў, што з яго пацяшаліся, і стаяў абражаны, пакусваючы тонкія губы.
— Ну, даруй, яснавяльможны пане, — Сыракомля падышоў да Пшацескага і працягнуў руку. — Даруй за гэтую няўдалую містыфікацыю. Ад чыстага літоўскага сэрца яна!
— Сыракомлі яшчэ выбачу. А ім — не! — граф коса глянуў па Яцака і астатніх.
— Сядайце, вяльможны пане! — Галена спрабавала ўлагодзіць сітуацыю. — Сюды, проша, паміж паняй Ядвігай і паннай Марысяй. Пекныя літвінкі здолеюць пагасіць агонь крыўды, які ў панскім сэрцы распалілі нашы мужчыны. Распалілі з самымі добрымі намерамі, дарэчы. Пан Сыракомля няхай сядае тады насупраць, паміж мной і паняй Янінай. Ну, а пан Паляноўскі — з другога боку Марысі, на месцы, прызначаным для паноў Загорскіх. Яцку… — Галена на момант збянтэжана замоўкла. — Няхай гаспадар далей вядзе рэй. Гасцям пасля лазні ў горле перасохла… Не, Марысі не налівайце, яна яшчэ маладая. Яшчэ паспее. Кропельку хіба ёй. Для смаку.
На здзіўленне ўсім перакуліў донцам уверх свой келіх Паляноўскі. Не піў таксама дамініканец. Перад ім увогуле не было ніякага шклянога посуду.
«Відаць, каб не ўзнікла аніякая спакуса», — рашыў Сыракомля. Ліквор, настоены на мяце і кмене, яму смакаваў. Але гумар усё роўна быў дрэнны. Пасля лазні ўсяго яго трэсла. І нашто была гэта гульня? Чаго яго сюды панесла? Кіўнула пальцам — а ён
і паляцеў.— Проша закусіць, ласкавы пане! — суседка справа працягнула Сыракомлі паўмісак, на якім ляжаў шчупак, упрыгожаны крылцамі з пёркаў і бубачкамі разынкаў. — Рыба ў вялікім посце ёсць лепшая закуска. Я разумею: паэтам трэба нешта больш паэтычнае…
— Сардэчна дзякую пані! — абарваў суседку Сыракомля. — Я сам, заўсёды толькі сам, — мітуслівасць суседкі, якая ні хвіліны не магла выседзець без руху, пачала яго раздражняць.
— Я пану яшчэ не прадстаўлены, — падаў, нахіліўшыся наперад, руку муж мітуслівай Янінкі. — Альгімантас Шэміс, гаспадар з Гервят, ліцвін. Ар тамста калбі лятувішкай? [11]
— Не, на жаль, не гавару, хоць крыху і разумею. Асабліва калі павольна гавораць. Сказаў: на жаль, бо гэта ж недарэчны парадокс. Літвін па духу і сэрцу — а не ведаю літоўскай мовы.
11
Ці вы гаворыце па-літоўску? (літ.)
— Затое я дрэнна ведаю польскую і тутэйшую.
— А што — пан Шэміс нарадзіўся ва Жмудзі?
— Не, я мяйсцовы. Каля Гервят у нас ёсць невялікая літоўская сала, астравок, значыць. Вёсак з дзесяць. Усе навокал славянізаваліся, а мы засталіся.
— Гм, цікава… — пасля кілішка Сыракомлі нясцерпна захацелася селядца з цыбуляй. І хоць ён добра ведаў, што з яго вантробамі гэтага рабіць нельга, паклаў сабе на талерачку два спорныя кавалачкі. Еў, услухоўваючыся ў бязладную гаману.
— Цікава, швагер, адкуль у Анеліне ўзялі такі стары арак?
— Адкуль! З Нясвіжа, вядома, адкуль яшчэ.
— А я ў сябе дома аддаю перавагу мадэры. На тым тыдні завёз чатыры скрыні ад Венка. Па рублю і дзесяць капеек пляшка.
— Затое не фальшаваная. А іншыя фальшуюць…
— Хочаш, Яцку, ведаць, які найлепшы сродак на кратоў? — гэта ўжо дзяліўся парадамі стары Дайнаровіч. З правай рукі яго сядзела Галена, але ён падкрэслена не звяртаў на яе ніякай увагі. — Вазьмі ракаў, звары іх і пакладзі ў норы. Краты дужа не любяць рачага духу. У мяне ўсе перавяліся.
— Дзякую за параду, дзядзё, але мне яна не спатрэбіцца. На Украіне кратоў у нас няма, а тут…
— А хто ж тут будзе гаспадарыць? — не сцерпела Дайнаровічыха. Пры святле свечак печаныя яблыкі яе шчок яшчэ больш пажаўцелі. — Няўжо Талочку дазволіш усё раскрадаць?
— Паглядзім, як яно будзе,
— Гавораць, у Італіі ўкралі ажно дзвесце пярсцёнкаў, — Янінцы хацелася быць у цэнтры ўвагі. — Злодзея, аднак, злавілі, павялі на эшафот, а калі галава адляцела, людзі кінуліся піць цёплую кроў…
— Не дзвесце пярсцёнкаў, сястрыца, а адзін пярсцёнак Медычы коштам дзвесце пяцьдзесят тысяч франкаў. У «Кур’еры» чорным па беламу стаяла… Галаву ж адсеклі другому злачынцў — славутаму разбойніку Польце,
— А ў Альпах, кажуць, усе вагоны адарваліся ад паравоза і разбіліся на шчэпкі!
— Бож-жачка мой! Я ж казала, што ніколі не сяду ў тую гаргару. Ехаць прыстойнай жанчыне разам з незнаёмымі мужчынамі — каб цябе забілі або згвалтавалі?!
— Супакойся, цёцю. У Прусіі ўжо ўвялі вагоны спецыяльна для жанчын. Мужчына туды нізавошта не трапіць. А што датычыцца катастроф, то я, да ведама панства, працую над махінай, якая дазволіць спыніць поезд на працягу паўмінуты.