Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

Пасля некалькіх кілішкаў гумар Сыракомлі крыху ўраўнаважыўся. Але не зусім: усё-такі не ён самы дарагі госць гэтага дома.

— Міленькія вы мае людзі, — нечакана для сябе самога ён устаў з крэсла. — А я прапаную выпіць за здароўе калі і не самага дарагога, то самага патрэбнага, проста неабходнага сёння госця. За брацітка, які, не зважаючы на дарожныя нягоды, згадзіўся да нас прыехаць і пасвенціць крыж.

— Гэта быў мой звычайны хрысціянскі абавязак, — дамініканец пакорліва апусціў вочы ўніз.

— Апрача таго, брат Антоні сёння парадаваў мяне весткай, што ён перакладае на мову тутэйшага люду святое пісанне, — працягваў Сыракомля. — Я мяркую, што ўсім нам цікава было б паслухаць гэты пераклад.

А паколькі брат Антоні ўзяў яго з сабою, то папросім прачытаць хоць невялічкі кавалак.

— Не ведаю, ці выпадае, — аднекваўся дамініканец. — Можа, не ўсе паны зразумеюць. І які ўрывак выбраць?

— Па свайму меркаванню. Або адкрыйце пераклад — і што пападзецца.

Дамініканец устаў, падышоў да куфэрачка, які стаяў на камодзе, і дастаў самаробную кнігу ў палатнянай вокладцы. Зажмурыўшы вочы, адкрыў кнігу дзесьці на сярэдзіне. Пачаў, стоячы:

— Гэта раздзел восьмы паводле Евангелля ад святога Лукаша.

«І сталася потым, што хадзіў Хрыстос па местах і сёлах, навучаючы і абвяшчаючы валадарства боскае, а дванаццаць апосталаў хадзілі з ім.

Ды некаторыя жанчыны, якія былі вылечаны ад злых духаў і немачаў: Марыя, празваная Магдаленаю, з якой выйшла сем пар нячыстых, і Яанна, жонка Хузы, Гэрадавага аканома, і Зузанна, і.шмат іншых, што служылі яму сваею маёмасцю.

Калі ж сыходзілася вялікая грамада і з местаў спяшаліся да яго, Хрыстос сказаў прыповесць:

Выйшаў сейбіт сеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала каля дарогі і было ўтаптана, а птушкі нябесныя здзяўблі яго. А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, ссохла, бо не мела вогкасці. А іншае ўпала ў церні, і калі выраслі разам церні, заглушылі яго. А іншае ўпала ў добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла ў стакрат.

Кажучы гэта, ён заклінаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, — няхай слухае!»

І пыталіся ў яго вучні ягоныя, што абазначае гэта прыповесць.

Ён жа сказаў ім: «Вам дадзена знаць таямніцы валадарства божага, а другім — у прыповесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі. Вось што абазначае прыповесць гэтая: насенне — гэта слова боскае. А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, потым прыходзіць д’ябал і выбірае слова з іхняга сэрца, каб, паверыўшы, не збавіліся. А што на скале — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцяй прымаюць слова, але ж яны не маюць карэння, яны вераць часова, а пры спакусе адступаюць. А што ўпала ў церні — гэта тыя, што слухалі, але, адышоўшы, бываюць заглушаны турботамі, багаццем і ўцехамі жыцця ды не прыносяць плоду. А што на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, у добрым сэрцы затрымоўваюць і прыносяць плод цярплівасці.

Ніхто ж, запаліўшы свечку, не прыкрывае яе пасудзінай або не ставіць пад ложак, але ставіць у ліхтар, каб уваходзячыя бачылі святло. Няма бо нічога патаемнага, што не выявілася б, ані скрытага, што не сталася б вядомым ды не выйшла наверх. Дык глядзіце ж, як трэба слухаць. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто не мае, у таго адымецца і тое прывіднае, што ён мае».

Дамініканец спыніўся, працёр кулаком вочы:

— Мусіць, хопіць, — і, спахапіўшыся, дадаў: — Аман!

— Аман, — адказалі дружна ўсе, апрача Дайнаровічыхі.

— Гучыць, дальбог, гучыць! — Сыракомля ўскочыў, падбег да брацішка, узняўшыся на дыбачкі, пацалаваў яго ў Інчаку. — Праўда, некаторыя словы я замяніў бы. Нашто «валадарства», калі ёсць «панаванне». І «вогкасць» не ўсе зразумеюць. Лепей: «вадкасць» ці «вільгаць». Але ў цэлым — не спадзяваўся я такога! Віншую! Святое пісанне, аказваецца, гучыць на беларусінскай мове.

— Не роздзелям паньскего захаплення, — адазваўся граф. — Поцуж ешчэ една словяньска мова. Старчыць чатырох: польскай, рускай, чэшскай і ілірыйскай [16] .

16

Ілірыйцамі

ў XІX стагоддзі называлі жыхароў цяперашняй Югаславіі.

— Не старчыць! — горача запярэчыў Каліноўскі. — Чым большая с-сямейка, тым лепей, багацей у хаце. Калі ёсць беларусінскі народ, то ён не можа быць увесь час безязыкім!

— Але ж народу тэго не слыхаць! Не ма он своіх вешчув!

— Не чуваць — таму што ён меншы ў сям’і, маладзейшы, — цяпер Сыракомля прыйшоў на дапамогу Каліноўскаму. — І мова яго яшчэ праходзіць стадыю дзяцінства, Але ў гэтым — і яе перавага, перспектыва. Калі іншыя літаратуры састарацца, на ёй можна будзе сказаць свежае слова… Што ж тычыцца вешчуноў, то нават ваш пакорлівы слуга грашыў часам вершыкамі на беларусінскай гаворцы, якую добра ўведаў яшчэ ў дзіцячыя гады… Вядома, нельга мяне залічыць да беларусінскіх вешчуноў, бо пішу я па-польску. Але першыя будзіцелі беларусінскага пісьменства ўжо з’яўляюцца. Гэта пан Марцінкевіч з Мінска, мой добры прыяцель. Я не раз заахвочваў яго, каб ён трымаўся на выбранай ім арэне, як гладыятар…

— Пры чым тут арэна? — не ўтрымаўся Каліноўскі. — Поле! Вялікае нечапанае п-поле, а ён адзін з першых на ёй с-сяўцоў. Дык хай жа яго зерне пападае, як гаворыцца ў праслуханай намі евангельскай алегорыі, не на скалы, а на ўрадлівую г-глебу.

— Ёсць і іншыя сейбіты. — Сыракомля з удзячнасцю зірнуў праз стол на Каліноўскага: малады, а падхоплівае яго думкі на ляту. І знаходзіць такія трапныя, смелыя словы для іх выражэння. — Мой былы сакратар Каратынскі ў Вільні, наддзвінскі дудар Арцём Вярыга ў Віцебску. А нядаўна пан Марцінкевіч паказаў мне дужа смяхотную гісторыю пра тое, як палясоўшчык Тарас трапіў на населены багамі Парнас. І паверце, міленькія, паводзіць ён там сябе як сапраўдны гаспадар.

— То хто ж аўтар той с-смяхотнай штукі? Сам Марцінкевіч?

— Не, напісаў яе адзін студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Забыў толькі яго прозвішча.

— Вось бачыце, п-панове: Мінск Літоўскі, Віцебск, Вільня, Горы-Горкі. Да таго яшчэ Астравец з братам Антоніем і яго п-перакладам. Адлеглыя мясцовасці, вялікая тэрыторыя… Значыць, гэта ўжо не выпадковасць, не аматарская гульня ў п-прасталюдзінаў, як было раней, а неабходнасць. Жалезная неабходнасць даць народу творы на зразумелай яму гаворцы!

— Але пшэцеж на тэй мове не ма навэт газэты!

— Няма — то будзе! Чэшскі п-прыклад вучыць нас, што спачатку з’яўляюцца збіральнікі народнай творчасці, потым прыходзяць п-паэты, затым — вучоныя і, урэшце, п-палітыкі. А дзе палітыка, там і газета.

— Аднак жа, міленькі, яшчэ і вучоных у беларусінаў няма. То што думаць пра палітыкаў.

— Вучоныя ёсць! Пан Кіркор, браты Тышкевічы, да п-прыкладу. Але залічаюць яны сябе п-пакуль што ці, дакладней, іх залічаюць да адной з суседніх славянскіх культур. Што ж датычыцца п-палітыкаў, то п-падзеі ў апошні час развіваюцца так хутка, што…

— А калі шаноўная панечка хоча ведаць, як вывесці блохі ці мухі, то магу служыць радаю, — стары Дайнаровіч захмялеў і цяпер, не заўважаючы маланак у вачах жонкі, пачынаў заляцацца да Галены. Той жа, відаць, было прыкра. — Блохі дужа не любяць, калі выслаць падлогу палыном. А найлепшы сродак на мухі — узяць бэзу, кмену і чабору, адварыць і адварам акропліваць сцены.

— Вось іменна, акропліваць, — Ляшчынскі ўстаў, і Сыракомля адчуў, што зараз будзе тост за яго.

— Міленькія людцы мае, — ускочыў і Сыракомля. — Не дайце тварыцца гістарычнай несправядлівасці! Якія ж з нас, мужчынаў, эгаісты: п’ём за саміх сябе, а пра пекных дам забываем. Таму я прапаную ўзняць келіх за маю суседку Галену Маеўскую! Бачылі б вы яе на сцэне, у галоўнай ролі! Каго хочаце да слёз давядзе, да экстазу. За яе талент!

Поделиться с друзьями: