Восень пасярод вясны
Шрифт:
Дайнаровічыха з жахам глядзела на Галену: камедыянтка — у доме Яцака, за адным з ёю сталом, побач з яе мужам?
— Арцём, адвярніся! — штурхнула яна Дайнаровіча. — Пані не цікава слухаць пра твае мухі. Набраўся ўжо, як жаба гразі.
— Цішэй ты, пачуюць жа, — супакойваў Дайнаровічыху муж.
— Засьвядчэн: талент у пані Гэлены жэчывісьце ест велькі і пекны. Але я хцэн выпіць тэж за эдрове моіх пенкных сонсядэк.
— А за здароўе нашых цудоўных дам трэба выпіць стоячы, — ускочыў і Лакуціеўскі.
На гэты раз мужчыны пілі дружна — нават Каліноўскі і дамініканец.
— Слічна дзякуй, — ад імя ўсіх жанчын адказала на галантнасць Галена, — Дзякую,
— Гэта, сэрданька, не камплімент, а канстатацыя відавочнай ісціны. Апрача таго, я ўжо казаў табе, што мужчыны куды больш удзячныя, чым жанчыны… — Сыракомля абсекся: якой удзячнасці з яе боку ён яшчэ хоча? І за што? У сённяшняй сітуацыі ўсё гэта — найвялікшае глупства. Добра яшчэ, што не пачуў Яцак.
— То, можа, наша слынная акторка нам што сыграе ці прачытае, — нездарма Лакуціеўскага назвалі глытальнікам дамскіх сэрцаў. — Якую арыю ці маналог закаханай.
— Пост жа цяпер! І жалоба, — коратка адрэзала Галена. Выступаць з дэкламацыяй, няхай і патрыятычнай, у такой пярэстай і няпэўнай кампаніі ў яе не было аніякай ахвоты.
— О, то я панству лепей раскажу, як акрэсліць, колькі карове год, — узрадаваўся магчымасці Дайнаровіч. — Нічога прасцейшага. Ад кожнага цяляці на рагах паяўляецца па колцу. Варта глянуць на рогі — і падлічыць колцы.
— Усё ён ведае, усё помніць! — з захапленнем шапнула пра Дайнаровіча Янінка.
— Супакойцеся, міленькая, — ціха адказаў Сыракомля. — Свае парады ён проста вычытаў у кнізе «Гаспадыня літоўская» пані Гарватовай з Мінска. Аўтарка на кнізе не абазначана, але ўсе здагадваюцца, хто яе напісаў.
— А я думаю…
— На Міншчыне, кажуць, шалёны воўк закусаў больш дваццаці кабет. Толькі аднаму адстаўному салдату ўдалося разарваць яму ляпу.
— А мне гаварылі…
Сыракомлі зноў стала тужліва і адзінока. Ну што яму да таго ваўка. Укусіў, пэўна, адну жанчыну, а потым з адной стала дваццаць… Вось і пра сённяшняе застолле дзесьці будуць расказваць дзівы дзівосныя. Застолле сапраўды каларытнае. Апісаць бы яго ва «Успамінах Касача»… На кім гэта я спыніўся? Ага, на юнай Марысі. Сыракомля глянуў на яе яшчэ раз і падумаў, што калі б зрабіў яе галоўнай гераіняй, то бровы яе параўнаў бы хутчэй не з пальмавымі галінкамі, а з крыламі птушкі, што ўзнімаюцца ад пераносіцы… Далей сядзеў Паляноўскі-Каліноўскі. О, гэта чалавек ідэі, здольны ўсім ахвяраваць дзеля яе перамогі. Такія людзі звычайна не жэняцца, каб у выпадку чаго не пакідаць сірот… Далей пустое месца для паноў Загорскіх. І, урэшце, яго суседзі Шэмісы. Ён нейкі флегматычны. І акрамя моцных белых зубоў, якія ён усім выстаўляў напаказ, у яго не было нічога характэрнага. А вось яна — жывая ртуць. Ні хвілінкі не можа ўседзець спакойна. Калі нічога не гаворыць, то хоць кругляшы з хлеба качае. Прамая супрацьлегласць сястрыцы — і па камплекцыі і па тэмпераменту. Толькі той жа нос рухомай бульбінкай. Вось каб ім памяняцца мужамі. Можа, ідэальныя пары выйшлі б.
На Янінцы кола агляду замкнулася. Здаецца, усіх перабраў ён у гэтай кампаніі, усіх прымераў да сваіх будучых герояў. Цікава, колькі гэта іх усяго? Адзін, два, тры… трынаццаць, Янінка выходзіла трынаццатай! Сыракомля ўстрапянуўся:
— А ведаеце, міленькія вы мае, што нас разам трынаццаць! Дванаццаць евангельскіх апосталаў — і адзін Юдаш.
— Сапраўды трынаццаць! І як гэта мы раней не заўважылі!
— Дрэнны то знак, дрэнны! — устрывожылася Дайнаровічыха.
— То втэды я пуйдэн спаць. Я тшынасты, бо остатні ту пшыехалэм.
— Чаму ж, апошнімі прыехалі мы, — Янінка
згодна была на ахвяру. — Але ж нас двое…— Тады выйду я! Мой п-прыезд сюды не быў п-прадугледжаны.
— Пачакайце, панове, — голас Галены перабіў усе галасы. — Давайце не будзем рабіць трагедыі з выпадковага супадзення. Зараз паклічам каго чатырнаццатага. Скажам, пана Талочку…
— Не пойдзе, — запярэчыў Яцак. — Сказаў, што пакрыўджаны і таму не пойдзе.
— Тым лепей, міленькія, тым лепей для нас. Не дай бог свінні рогі, а хаму панства.
— Тады хоць Агатку! Гэй, Агатка! — гукнула Галена.
Дзверы з буфетнай адчыніліся, і на парозе з’явілася выпацканая ў сажу кухарка.
— Пані чаго хацела?
— Ідзі, Агатка, з намі за стол! Не саромейся, ідзі. Ніхто цябе тут не ўкусіць.
— Не магу, пані, — Агатка тыльным бокам далоні адкінула валасы ад вачэй. — Бо хто ж за мяне бліны дапячэ?
— Ах, праўда. Павінны ж яшчэ быць бліны да ікры.
— Тады, сэрдайка маё, можна клікнуць таго мужыка, што печкі ў сенях грэе. Калі мы ішлі сюды, ён пачынаў распальваць.
— Мужыка — за стол? — жахнулася Дайнаровічыха. — І ты, Яцку, на гэта дазволіш?
— Чаму ж, цёцю. Сягоння ўжо няма прыгонных мужыкоў. Атрымаўшы волю, яны сталі роўныя з намі. І я не бачу…
— Ну, тады маёй нагі тут болей не будзе! Артэміюшу, паехалі дахаты!
— Ні-ікуды я адсюль не па-аеду, — прытварыўся зусім п’яным Дайнаровіч. — Едзь адна!
— Супакойцеся, пані, — Сыракомля шукаў аргументы, якія трапілі б да пераканання старой прыгонніцы, — Усе мы роўныя ад нараджэння, і быў бы грэх перад богам, калі б пані так пагардзіла чалавекам. Няхай сабе і ў мужыцкай сярмязе. Праўду я кажу, брат Антоні?
— Чысцейшую праўду! Перад богам усе людзі роўныя. Усе, і шляхта, і мужыкі, вядуць свой род ад Адама.
— Ну, а што на гэта скажа наш грабя? — Дайнаровічыха пачала ўжо вагацца. — Як пан грабя скажа, так няхай і будзе.
— Цуж я? Мне здае сен, жэ то было бы нават цекаве. Дотыхчас відзялэм тылько пшэбранэ весьнячкі, — Пшацескі галантна кіўнуў спачатку ў бок Галены, а потым у бок Марысі, — а тэраз зобачэн правдзівых. Хоць і я лічэн, жэ хлоп за столэм, то юж забардзо.
— «Занадта»! — перадражніў графа Каліноўскі. — Усе мы любім п-пагаварыць пра сваю любоў да сялян, пра тое, як мы спачуваем ім. Але, у крайнім выпадку, толькі паслухаем іх п-песні або паднясём чарачку на паляванні. Ці літасціва дазволім сабе на час закахацца ў яго жонку. А вось за стол сесці разам — гэта ўжо занадта! Вялікапанская пыха не дазваляе.
— І я тое самае сцвярджаў у «Вяскозых палітыках». На словах мы ўсе за мужыка, а на справе… Адным словам, міленькія вы мае, клічам! Калі хочаце, — Сыракомля ўсхапіўся з крэсла, — я сам яго клікну!
У салоне ўсе прыціхлі, як прыціхаюць гледачы перад пачаткам тэатральнага відовішча. Мужык за шляхоцкім сталом? Гэта цікава!
Праз хвіліну Сыракомля вярнуўся, цягнучы пад руку селяніна, апранутага ў шарачковую безрукаўку, з-пад якой віднелася кашуля з беленага палатна, і шарачковыя порткі.
— Ідзі, ідзі, мой міленькі! Кілішак з намі вып’еш. Не бойся, ніхто тут табе дрэннага не зробіць. Ты ж вольны ўжо. І выглядаеш нядрэнна — ну, як збяднелы шарачковы шляхціц. Праўда, міленькія: яго можна нават прыняць за шляхціца.
Але ўсе маўчалі, углядаючыся то ў мужыка, то ў Марысю. Тыя ж самыя бухматыя чорныя бровы, той жа самы тонкі і доўгі нос. Толькі вось бульбінкі на канцы носа ў мужыка не было. І верхняя губа ў яго не заходзіла на ніжнюю. Калі б у адной дачкі маглі быць два бацькі — то вось яны: Ляшчынскі і селянін.